РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра Напалеона Орду
«Там, ад роднай Беларусі,
Сьцюжы птушак праганяюць.
Там чужых гэрояў любяць,
А сваіх – не заўважаюць.
 
Чый артыст я?
                                  Рускі? Ляшскі?..»
Так маліўся перад крыжам
Пан дырэктар італьянскай
Слаўнай опэры ў Парыжы.
 
У душы выгнанца гнеўнай
Цэлае адно стварылі
Вучань зорнага Шапэна
I студэнт мяцежны зь Вільні.
 
Ад суровае Радзімы
Гоняць годных буры-сьцюжы.
На Радзіме – вечна зімы
Тым, хто век Радзіме служыць.
 
Беларускія пралескі,
Дзеячы культуры роднай!
Вас па розных каралеўствах
Разьнясьлі бяда і годнасьць.
 
Вось і Орды, беларуса,
Музыку на сьвеце цэлым
Ведаюць і любяць людзі –
Толькі не на Русі Белай.
 
Гэтак наймічка ў мястэчку,
Стрэўшы сына-багацея,
Перад «панам» ледзь ня ўкленчыць,
I «сынок» сказаць ня сьмее.
 
Час ідзе. Але ня спляжыць
Мноства прозьвішчаў знаёмых.
Маразы ў старонцы нашай
Гоняць птушак прэч ад дому...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.