В. Дуніну-Марцінкевічу
Сіняя-сіняя ноч была, Як вочы – колеру болю. «Спыніць навучэньне. Не навучаць. Нікога больш. I ніколі». Роднай мове – не навучаць. Ні слова «хамам» – пра годнасьць. Яе беларусы мусяць аддаць, Як права на першароднасьць Аддаў калісь галодны Ісаў. Воля цара ці Бога Ці то чыноўная драбяза Так хоча – але – «Нікога! Не навучаць!» Не зазнае «хам» Ні Буднага, ні Шэксьпіра, I ён па загаду зруйнуе храм, I помнік засыпе жвірам. «Не навучаць!» Хай дзеці растуць З пагардаю да Айчыны. Хай у суседні народ ідуць Найлепшыя іх мужчыны. Дурныя, пыхлівыя сьлепакі! У сьмерць беларусаў вераць. Ня я навучу – дык навучаць іх Вось гэты сівец і верас, I зоры гэтыя, і агонь, Што паліць пастух на лузе, I казкі матчыны, і далонь Ляснога возера, бусел, Які не кідае свайго жытла I верны сваёй сяброўцы, Любіць Радзіму да скону, так Як любяць расьліны – сонца. Ня я навучу – дык навучаць іх I годнасьці паўнакрылай Магілы мёртвых і боль жывых, Мае – і боль, і магіла... ...Сіняя-сіняя ноч была, I сінім-сінім быў позірк, Калі агонь вясёлы жаваў Урадавую адозву.
|
|