РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падземная варта
казка
На пальцах – кроў, у вочы – пот, –
Мы выбіраліся на волю,
Капаючы падземны ход
Са спратаў, чорных, як нядоля.
I вось – канец!
                                Нібы краты,
У панцырах шматдзённай працы,
Мы дзень спаткалі свой сьвяты.
Мы так стаміліся змагацца!
I першы – лепшы чалавек,
Прыгожы, чысты – нас убачыў.
О родны!.. Мы цярпелі зьдзек
Дзеля тваіх братоў па плачу.
А ён спыніўся каля нас
Зь цікаўнасьцю амаль гідлівай;
Ад нашых несла апранах
Крывёю, цемрадзьдзю і цьвільлю.
I крыкі радасьці чамусь
Прысохлі да сасьмяглых вуснаў.
«Нашто пакінулі турму?» –
Спытаў нашчадак беларусаў:
«Мне дзед калісьці гаварыў,
Што ў замкавых глыбокіх спратах
Сядзяць і сёньня змагары,
Што забівалі ўсіх багатых,
Каб людзям бедным шчасьце даць.
Ды сёньня ў нас – няма забойцаў.
I вас ня можам мы прыняць
У сьвеце розуму і сонца».
Так мовіў чысты чалавек.
І ўжо натоўп стаяў гарою,
Крычалі: «Крэс благой траве!
Прэч вы зь нянавісьцю старою».
I мы прыгнечана пайшлі
Назад, у бруд і пакараньне...
Сказаў старэйшы: «На Зямлі
Пакуты нашыя сьвітаюць».
Сказаў старэйшы: «Трэба люд
Любіць, нягледзячы на раны.
Мы будзем жыць.
                                      На ўсю зямлю
Мы патаемнай  будзем вартай.
Няма ў жыцьці шляхоў прамых,
Па трупах толькі сьмерць прастуе».
...I з тых часоў у спратах мы
Няўдзячную зямлю вартуем.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.