Мне нічога ад моцных ня трэба – Хай гуляюць ва ўладу па-царску – Да зямлі набліжаецца неба Старажытнейшым прэсам друкарскім. I паверхня планэты пахмурай, Ці маліўся ты, ці не маліўся – Чорна-белаю стане гравюрай Зь дзіўнай назваю «Апакаліпсіс». Ды стаіць, урастаючы ў глебу Беларускую – прывід вялізны – I ад нас адштурхоўвае неба, Быццам волат які летапісны. Хто ты, беднай збавіцель радзімы, Што рукамі гнеў Божы трымаеш? – Я – Франьцішак, Кастусь, Уладзімер – Вольны дух улюбёнага краю. – Гэткі моцны? – О не, толькі верны. – Гэткі вечны? – О не, толькі ўпарты. Я стаю, покуль будзеце ведаць Кожны вобраз мой, кожную страту. Адказаў – і напружыўся болей, I на дрэвах кара затрашчала. «Ён ня зьнікне, ня знікне ніколі», – Я шапнула – а твань – прамаўчала. Ну а тыя, што ўладай гулялі, Кашалькамі сьмяяліся звонка... I ніжэй крумкачы пралятаюць Над гатовай да друку старонкай.
|
|