Хто выдумаў, што чалавек пакутаваць павінны? У гэта верыць толькі той, хто без пакут жыве. Што меў за зьдзекі мой народ? Ён выжыў, як ні дзіўна, Каб з матылямі паміраць на тручанай траве. Хто выдумаў, што чалавек любіць пакуты можа? Для шчасных гэта – добры знак без спачуваньня жыць. А нам бы шчасьця – хоць крыху, хоць трошкі шанцу, Божа! Ад болю ў зморшчынах наш лёс, сухоты – у душы. Ня верце тым, хто славіць твар замучанай жанчыны. I не прыўкрасіць праца рук «ударніцы палёў». «Ратуйце нас!» – крычым, крычым... «Пакутаваць павінны», – Адказвае спакойна нам раскормленае зло.
|
|