Пад ссохлым лістом задрамала маё павуціннае шчасьце Да першага подыху ветру, да першай таропкай нагі. Калі ж навучуся бяз жалю прыгожае, лёгкае – траціць, Людзей, не жадаючых веры, братоў па бязьвер’ю – любіць? Нікому між іх не патрэбны мае задуменныя словы, Нікога між іх не хвалюе мая вершаваная ноч, Бо кожны з жывучых – як неба, бяздонны, штохвіля – то новы, Але – і адзіны, як неба, якому зямлі не відно. А шчасьце, нібы павуціньне, канец Арыяднінай ніці, Што зь цемры аднойчы выводзіць – і рвецца ля брамы ў сьвятло. Анёлы па перайку скінуць – і вось праз пустыя вачніцы Па кропельцы неба выходзіць. ...I лісьце, і шчасьце – на тло...
|
|