Паламаныя лаўкі прыгожа засьцеле лістота, Паламаныя лёсы прымірацца з болем глухім. Гэта – восень зямлі, гэта – жоўтая песьня самоты. Гэта – вочы шкляныя праспэкта і цемра над ім. На каменных ілбах манумэнтаў памёт галубіны, Быццам німбы апосталаў, сьвятасьці вартых такой. Адляцелі буслы – і нябёсы – пусьцей за вітрыны, I лісты, як анёлы, лятаюць над чорнай вадой. Ліхтарамі разьбітымі вецер рыпіць, як касьцямі Канакрада на вісельні; Бег прыпыняе жыцьцё, Пільна слухае сэрца сваё, а адказвае – камень Пад абцасамі дробнымі злосных асеньніх дажджоў.
|
|