Стары артыст – нібы кардонны месяц. Ён страціў паркалёвы небасхіл. Прайшлі каханкі, як вясновы вецер, – Анёлы сцэны, што ня мелі крыл. I што цяпер? Пад плот? Ці ў багадзельню? Няма аблічча – чым жа гандляваць? Гэроі драм плывуць суцэльным ценем, I на’т жыцьця за імі не відаць. Там, у жыцьці, была ня тая мова, Цярпеньне панавала там і жах, Па-за тэатрам паміралі словы, З царквы зрывалі вастракрылы дах. А тут – пілі віно з каханьнем лена, Ігралі кожны вечар давідна. Здавалася, ўсё вечнае – на сцэне. Ды – толькі сцэна вечная адна. Цяпер – нібы чужына прад вачыма. Артысту – што страляцца, што старэць – А пэнсія ў мастацтве – немагчыма. За праца ю пякельнай – толькі сьмерць. I вось – стары... I не змагар, і грэшнік, Ні бацька, ні жаніх, ні гаспадар. Ды чысьцінёю боскай вока рэжа Яму – пашыты небасхіл – штандар. А Бог заўжды даруе суцяшэньне Сваім нябёсным птахам і зямным, Што шчабяталі на яго каленях, Ня ведаючы весела аб ім.
|
|