Невыносна глядзець мне, што кнігі яго не купляюць, Як сьвяшчэньніку – стайню пабачыць у храме сваім. Чым цябе мацаваць, чалавечая цьмяная памяць, Каб капрызна ў нябыт не шпурляла хоць самым сьвятым? Што ж вам трэба яшчэ, гараджане, дарослыя дзеці, Колькі страсьці крывавай, выданьняў якіх залатых, Каб спыніць вашу ўвагу на вамі ж распнутым паэце, Каб да роднае мовы прывык ваш разбэшчаны слых? Колькі ў нас збудавана халодных нявечных палацаў, Статуй людзям, ня вартым травы на магіле сваёй... А Паэт будаваў белы храм на расчышчаным пляцы, Што калісь быў падмуркам для храма – зрабіўся зямлёй. Ён стаіць, белы храм! I званы не змаўкаюць ні хвілі. Што ж на пляцы вы ўсё маршыруеце міма дзьвярэй? Вы ж пусты дэтэктыўчык за дзесяць хвілін раскупілі!.. ...Чым яе апраўдаць, несьвядомую здраду людзей?!
|
|