Казкі «на беларускай» маці вам не купляюць, I пад час адпачынку ў замкі не павязуць. І вам ужо не пабачыць, як піва наварыць заяц, I як каза калядуе, ніколі вам не пачуць. Улетку заменіць вёску для вас піянэрскі лягер, Дзе выраўнена шарэнгай накормленае жыцьцё. Ня казачнік – а фарцоўшчык асоба вашай павагі З маленства вас навучылі ня казкі любіць – рызьзё. Вы сёньня ў дварах ламалі бясплотныя цельцы клёнаў, А заўтра зможаце зьнішчыць адной пастановай – парк. О, дзеці беднага горада, нібыта сівыя гномы, Гуляеце вы ў дзяцінства – здаецца мне зрэдку так. I сумныя вашы вочы, і жорсткія вашы гульні Шкадобу не выклікаюць, хутчэй – трывогу і страх... ...А казкі «на беларускай», як ліры залатаструнныя, Маўчаць на кніжных паліцах, хаця павінны – іграць.
|
|