РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мы ўзышлі не з насеньня, што ветрам занесена, –
Мы ня дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гэраічнай і песеннай,
Нашых душ каралі – з вузьлякамі упартасьці.
 
Сокам вотчынных гоняў адроду мы ўспоены,
Сонцам родных нябёс мы з маленства аблашчаны,
Як асілкі-дубы над дняпроўскімі поймамі –
Паяднаныя часам нашчадкі і прашчуры.
 
Мы на золку далёкім ардзе не скарыліся,
Славай Грунвальда выйшлі ў вялікія ратнікі.
Нас будзіў да сьвятла стук друкарань скарынінскіх.
Да братоў мы гарнуліся сэрцамі братнімі.
 
Каліноўскі дарэшты пазбавіў нас кволасьці –
Веру-мужнасьць сваю завяшчаў нам з-пад вісельні.
З гнеўнай лірай Купалы і з эпасам Коласа
Мы спазналі сябе і свой голас узвысілі.
 
Гэтай повязі кроўнай, якой мы прывязаны
Да бацькоўскай зямлі, не парвуць, не растурзаюць
Аніякія буры-вятры непрыязныя –
Нашы сэрцы ад іх толькі больш загартуюцца!
 
I як вечна вясьне сьвяткаваць тут агледзіны,
Мовай радасьці з долам і небам гамонячы, –
Так і нам у вякох тут, з братамі-суседзямі,
Жыць і верыць у лёс незахмарана-сонечны.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.