РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На новым вітку
Чаго вам хочацца, панове?   
Янка Купала

 
Вось і судзіў нам лёс нанова
Пытаньне кінуць у хаўрус:
«Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус?..»
 
Чаго ім хочацца?.. Ды ясна:
Душу зямлі абрабаваць.
Зрабіць нямой, бяз мовы ўласнай.
Лягчэй бязмоўнай кіраваць!
 
Яшчэ, відаць, ідуць падлікі,
Што мала даў народ ахвяр,
Пакуль апошні, найвялікі
Ягоны скарб ня ўкраў ліхвяр.
 
Ня штось прыватнае, ня дробязь,
Не асабісты нейчы спрат –
Народа гонар, славу, доблесьць
Наважыў сплюндрыць тарбахват.
 
Таму й гырчыць-рычыць злавесна,
Што не ўдаецца адлучыць
Ад роднай мовы, роднай песьні...
Што ж, хай гырчыць! Няхай рычыць!
 
Якое прагне ён мастацтва
Накінуць нам (пачом кіло?) –
Народ спазнаў і сьвятатацтва
Кя ўчыніць, сам сабе назло.
 
Якую прагне ён асьвету
Разьвесьці ў нас (пачом стакан?) –
Народ спазнаў, і ў храм прасьветлы
Ня ўвойдзе богам чыстаган!..
 
Народ спадману не паддасца,
Ня ступіць ён у гіблы сьлед.
У кожнай песьні, кожнай казцы
Тут лёс яго і запавет!
 
Ён тут – спакон, ён – на радзіме,
Яму зьязджаць няма куды.
Ён сам заўжды і ў госьці прыме,
I дасьць прытулак ад бяды.
 
Народ – ён быў, і ёсьць, і будзе!
Таму: спакойна, дзецюкі!
Ня згіне мова наша ў блудзе!
Яна нам сьветач – на вякі!
 
1988, чэрвень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.