РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трывайма, браты!
Нас могуць
Зьневажаць і абражаць,
Нас могуць
Не любіць і ненавідзець,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсьць Нёман,
I Дзьвіна,
I Прыпяць.
 
Нас могуць
Чорным брудам паліваць.
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсьць Полацк,
Тураў
І Заслаўе.
 
Нас могуць
Ачмураць і падкупляць,
Штодзень даваць
Цацанкі-абяцанкі,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць
Наказ Франьцішка,
Кастуся
I Янкі.
 
Нас могуць біць –
Аж да крывавых сьлёз,
Каб лёкаяў зрабіць
З ахвяраў зьдзеку,
Але мы мусім
Адстаяць свой лёс,
Каб ён для нас
Шчасьлівы быў давеку.
 
Таму –
Трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма:
Нішто ня спляміць
I не асіліць нашай праваты,
I нам яшчэ паслужыць
Наша памяць!
 
1989, чэрвень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.