РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Не падбівай. Не пабухторвай.
Дарма шчыруеш. Я ня з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б’юць пад дых.
 
Табе – павек ня будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молісься хімеры,
А мне мой Бог – Бацькоўскі край.
 
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў –
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
 
Калі дыханьне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап –
Ты не ішоў мне на падмогу
Ты на душу ня браў затрат.
 
Таму – ня снуй перад вачыма.
Ня корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсьць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
 
1990, лістапад.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.