РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У родным горадзе
Хаджу па вуліцы Грамілы,
Што цягам доўгіх страшных год
Граміў і плюндрыў, колькі сілы,
Усё, чым славен наш народ.
 
А ты, мой прашчур, творца мудры,
Чыя магіла дзесьці ў тундры, –
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
 
Хаджу па вуліцы Няздары,
Што меў і здольнасьці аднак:
Пакуль народ аб шчасьці марыў –
Ён краў з казны і жыў усмак.
 
А ты, мой продак ясначолы.
Чый дар народу – незьлічоны, –
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
 
Хаджу па плошчы Баязьліўца,
Што меў за Бога вечны страх –
Каб толькі з крэсла не зваліцца
I не разьбіць кар’еру ў прах.
 
А ты, мой продак, вой бясстрашны,
У Курапацкім доле спрахлы, –
Твайго забытага імя
У гордным горадзе няма.
 
1990, лістапад.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.