РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Найстрашны грэх

                                                        Маё горкае пасланьне
                                                        беларусу, які...

 
Чалавеча!
Ты, знаю, патомны жыхар Беларусі.
Як і я – не сьвяты,
Грэх ня раз на душу сваю ўзяў.
Можа, нават і вельмі вялікі.
Судзіць не бяруся.
Ну, дапусьцім, народу ў няшчасьці
Няпраўду казаў.
 
Грэшны – кайся і мучайся,
Грэх аж да сьмерці замольвай.
Грэх твой страшны,
Аднак і страшнейшы нашмат існуе,
Калі моваю гэтай зямлі –
Беларускаю мовай
На людзях,
Прынародна
Спаганіш ты вусны свае!
 
Гэта будзе жахліва!
Страшней,
Чым любое злачынства,
За якое карае
Вышэйшаю караю суд.
Будуць бэсьціць і кпіць:
Во няздара!
Ня змог навучыцца
Гаварыць «языком»!
Во тупіца! Вясковы хамут!
 
Горшай ганьбы, чым гэта,
Ня мецьмеш павек, чалавеча!
А таму –
Як захочаш грашы:
Поп замоліць пазьней.
Толькі вусны свае
Гэтай мовай тутэйшай,
Адвечнай –
Не спагань!
«Даже словом одним
Осквернить не посмей!»
 
1990, лістапад.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.