РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зданьнё на Бацькаўшчыне
З Краснай горкі сьвятой,
Як раней яна звалася,
Я гляджу на лясы,
Што ня бачыў даўно:
I на той,
Адкуль сонца заўсёды ўздымалася,
I на той,
За які асядала яно.
 
Я гляджу –
I аж сэрца шчымліва заходзіцца –
Да таго дарагія і любыя мне
Нашы далі лясныя...
Ах, чую, народзіцца
Зараз песьня ў душы –
Весьняй хваляй памкне!
 
Нават вейкі прымружыў
На хвілю якуюсьці –
Як ад чараў...
I раптам, нібыта праз сон,
Страшны голас нялюдскі скрыгоча:
«Любуесься?
Ну, любуйся, любуйся,
Душа зь цябе вон!
 
Пэўна, думаеш:
Вось яна, спадчына вечная!
І ты вечны насьледнік яе, валадар.
А мяне –
І ў разьлік не бярэш, недарэчына?
Ну, дык ведай:
Ня ты тут, а я – гаспадар!
 
А ў мяне
Ёсьць стальныя, масіўныя сківіцы
I ёсьць чэрава-прорва,
Якое ня ўняць:
Зьем усё тут, усё!
Не прасі зьлітасьцівіцца –
Схрабашчу ўсе лясы,
Што наўкола стаяць!
 
I дубровы-гаі,
I бярэзьнікі-ельнікі –
Да апошняга дрэўца –
Суздром сьцераблю!
Зьнішчу ўсё,
Каб нашчадкі твае, пераемнікі,
Мёртвай пусткай убачылі
Гэту зямлю!..»
 
Жах мяне скалануў.
Азіраюся: «Хто гэта?»
«Га-га-га!» –
Рагатнула нябачная здань.
Навакол – ні душы.
Рэха страшнага рогату
З Краснай горкі сьвятой
Доўга коціцца ўдаль.
 
1991, сакавік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.