РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па дарозе ў рай
Біце ў ладкі, прастакі!
Пляскайце! Пляскайце!
Вам пякуцца праснакі
У маселцы, маселцы!
 
I пантофлі без чаргі
Купяцца, купяцца –
Хай адно хутчэй мазгі
Тупяцца, тупяцца!
 
Хцівец скача, як варят,
З радасьці, з радасьці,
Што вам сыпе ў душы яд
Здраднасьці, здраднасьці.
 
Напляваць яму на грэх,
Белячы, белячы
Тыя грошы, што нагрэб
Безьлічы, безьлічы.
 
Краў ён вашу працу-плён –
З думаю, з думаю,
Што і ўладу купіць ён
Сумаю, сумаю.
 
А тады, ліхвяр і хам,
Спрытненька, спрытненька
На галовы сядзе вам
З прысьмехам, з прысьмехам.
 
Загадае везьці ў рай –
Рыначны, рыначны,
У бяздоньне родны край
Зрынуўшы, зрынуўшы.
 
Вам аздобіць лёс такі
Пляшкаю, пляшкаю...
Дык шчыруйце, прастакі:
Пляскайце! Пляскайце!
 
1991, ліпень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.