РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Віхура
Віхура!.. Віхура!..
Няўрымсная бура!..
Адкуль узялася?
З чаго пачалася?
Схапіла, сарвала
I цягне, і ўзносіць
Угору і ўгору,
Увысь, у прастору,
У чорныя хмары,
За хмары, да сонца,
Да сонца! А сонца
Так зырка там сьвеціць –
I паліць, і смаліць,
I вочы мне сьлепіць!..
 
Віхура, віхура!
Шпурляе, шматае,
I круціць, і гоніць,
I рве-разрывае,
I дух забівае,
Займае, сьцінае...
Куды яна кіне?
I дзе апыпуся?
Чаму не баюся,
Што гэта стыхія
Душу мне скамечыць
I збэрсае-склыча?
За тое, што кліча
Заглянуць у вечнасьць?
А можа – што возьме
З разгону, з размаху
Шпурне мяне вобзем –
I ціша наступіць?
I ціша наступіць!..
I ціша наступіць...
Навек!.. I нікому
Нідзе не зарупіць,
Што ў буры-віхуры
Зьвіхурыўся хтосьці...
Не! Грыннуцца вобзем,
Рассыпяцца косьці
Ды вочы паб’юцца
На пырскі-асколы –
Расою пральюцца
На травы і зёлкі...
А дух безаглядны,
Душа-непакора
Ачахне, ашляхне,
Зьнямогне няскора!
А будзе насіцца,
Між хмарамі віцца
I весела жыхаць
Агнём-бліскавіцай.
Хто прагне віхуры,
Як прагнуць збавеньня, –
Агонь-бліскавіца
Таму блаславеньне!
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.