РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вар’ят
Вар’ят ідзе празь людны пляц.
Спадобіў Бог вар’ята.
Глыбока ў сэрцы – скарга-плач,
А на абліччы – сьвята.
 
Глыбока ў сэрцы – золь імжы,
Гнятліва, непагодна.
А выгляд – быццам на душы
I лёгка, і свабодна.
 
У зрэнках многіх – злосьць і страх,
Зайздросьлівае штосьці,
Ну, а ў ягоных у вачах –
Ні зайздрасьці, ні злосьці.
 
Знаёмца-злыдня напаткаў
На ўскрайку тратуара –
Як дружбаку, руку надаў,
Сказаў: «Здароў, пачвара!»
 
I – на чырвоны сьветлафор,
Праз гулкую палосу,
Праз сто гудкоў – наперакор
Усім прысудам лёсу.
 
Яшчэ й сьмяецца, херувім!..
Гэй, фурманы ў калясках!
Прытармазіце перад ім,
Ня зьбіце, калі ласка!
 
Ня дайце здарыцца бядзе!..
Бо як яго ня стане –
Хто ж тую песьню вам складзе,
Што дна душы дастане?
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.