РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кляновы лісток
Вястун неспадзеўны – кляновы лісток
          Ляжыць на далоні:
Ці позва на суд ці на шчасьце квіток,
          Мне Богам дароны?
 
Пра шчасьце, як грэшніку ў пекле пра цуд,
          Мне марыць запозна.
Напэўна, на страшны і праведны суд
          Ад Бога мне позва.
 
Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт,
          Мне сэрца так цісьне?
Чаму мае думы на ўвесь краявід,
          Як хмары, навісьлі?
 
Што тонкія жылкі-пражылкі твае
          Вяшчаюць-варожаць?
Ці ласку, якая душу мне спаўе,
          Ці стынь і варожасьць?
 
Скажы ж, не таіся, калі сапраўды
          Ты Божы пасланьнік.
Чыесьці дарогі... Чыесьці сьляды...
          Чыесьці расстаньні...
 
Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі,
          Бы ў лёсу пісьмёны:
Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі...
          Чыесьці імёны...
 
Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж
          Майго накановы?
Ці мне, на астатку, ня ведаць іх лепш,
          Лісточак кляновы?
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.