РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імгненьне
Імгненьне...
Аднак жа – якое імгненьне!
Як вогненны выбух
У розгар пажару,
Калі ўжо ахоплена
Полымем хата,
I кроквы, і латы,
I бэлькі са стольлю –
Бясьсільна і ярасна
Рухнулі долу, –
Ажно завіхурылі
Іскры да неба!
Шукаю ратунку –
I чую: «Ня трэба
Жахацца, ня трэба
I плачу-ныцьця.
Ня кідайся ў роспач.
Хіба дагарае
Табе дарагая
Калыска жыцьця?
Тушыць? А навошта
Тушыць галавешкі?
Ня варта – ні працы,
Ні горкай усьмешкі...»
 
Імгненьне...
Імгненьне ўсяго –
I ня болей.
А як жа яно
Азарыла наўкольле!
У бляску ягоным
Так сталі відны
Усе мае годы.
Усе мае дні.
Уся мая –
Аж да маленства –
Дарога.
Да гэнай хаціны
Вясковай, убогай,
Дзе я нарадзіўся
(Для шчасьця, вядома!
Бо хто ж для пакутаў
Прыходзіць на сьвет?).
I сталі відны
Мне астатнія дні –
Чарнейшыя
За чарнату галавешак.
Прагорклыя гарам –
Такім ужо едкім,
Як быццам згарэла
I тая хаціна,
Дзе я нарадзіўся,
I шчасьце само...
 
Сучасьнік мой юны!
Пабачыўшы тло,
Ня думай,
Што гэта імгненьне
Было
Ня нашым з табою,
А толькі маім,
Што я – пагарэлец,
А ты – херувім.
Ня думай!
Ня думай!..
Таму што аднойчы –
У будзень ці ў сьвята,
Апоўдні ці ўночы –
Ты ўспомніш пажар
На сядзібе дзядоў
I за даляглядам
Пражытых гадоў
Ягонае зарыва ўбачыш,
Якое
Табе гэтаксама
Азорыць наўкольле,
I ў бляску тым яркім
Сацьмее і зблякне...
 
А што ў ім сацьмее
I што ў ім пагасьне –
Я гэтага ведаць
Ня буду, на шчасьце.
 
1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.