РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На зазімку
І

 
Не бушуюць мітынгі.
Не віруе плошча.
Сьцягі размаітыя
Вецер не палошча.
 
Можа, з Божай міласьці
Адышла мітрэнга?
Не. Байцы стаміліся.
Перадышка трэба.
 
Мудрацы ў праплешынах,
Тон узяўшы роўны,
Грунт кладуць палепшаны
Пад Закон Асноўны.
 
А гэроі нацыі
У галодных чэргах.
З фразы камбінацыі
Твораць невычэрпна.
 
«Покуль край ня выпетраў
На свабодных дулях –
Трон сюды са скіпетрам!
Заступай, татуля!
 
Хоць сабе карычневы,
Хоць сабе чырвоны,–
Заганяй апрычнінай
Зноў нас у загоны!.. »
 

II

 
Дзень імгліцца сьнежаньскі.
Без душы мяцежнай
Плошча Незалежнасьці
Чуецца залежнай.
 
Дзень празяб да дрыжыкаў.
Сьцюжна. Сівер зімны.
У чаканьні «пыжыкаў»
Дрэмлюць лімузіны.
 
З правымі і зь левымі
Не знайшоўшы ладу,
Інвалід разгневаны
Выйшаў з Дома ўраду.
 
У кішэнях порацца –
Пуста! Ні цыгаркі!
Нават дыму з горычы
Не глыне паўчаркі.
 
Лоб у шрамах хмурачы,
Сьціснуў кій у пальцах:
Можа, дзе акурачак
Знойдзем на асфальце?..
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.