РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здарэньне
У надзеі, што дагодзіць Цэнтру
I яго ў Сталіцу забяруць,
Ён рашыў пазбавіцца акцэнту,
Што дала ад роду Беларусь,
 
Ён стаяў падоўгу перад люстрам
I падкорчваў, падгінаў язык –
Каб ніводным гукам беларускім
Не праскочыў колішні мужык.
 
I ад злосьці стрымліваўся ледзьве:
«Хіба я належу да няўмек?
Так і выпірае, так і лезе
Гэты грубы наскі дыялект!
 
Проста ганьба! Не магу народу
Даць узор культуры ў гамане!
I чаму, за што па радаводу
Гэткі нізкі род дастаўся мне?
 
У кагось дык продак – аргэнцінец!
Ці ангелец той жа! Ці француз!
А ў мяне – бадай цябе дзяцінец! –
Ахламон тутэйшы, беларус!
 
Надзяліў гаворкай – злосьць і прыкрасьць.
Хоць не адкрывай на людзях рот!
Ды такой учэпістай – ня выдраць!
Як на полі пырнік ці асот!
 
Так уелася ў нутро бязбожна,
Так пусьціла ў фібры карані, –
Нават кроў зьмяняй – не дапаможа:
Выдасьць – хто ты і зь якой радні!..»
 
Так аднойчы кляў ён лёс няшчасны
I ня ўбачыў, як мільгнуўся цень
I ў шыкоўны кабінет блішчасты
Херувім праз фортку заляцеў.
 
Штосьці мокрае на пераносьсе
Плюхнула... Ён выцер даланёй
I ня ўцяміў, што яму зь нябёсаў
Ад бацькоў «паклон» прынёс анёл.
 
1993
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.