 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
З эпасу маленства
|
Штрых да біяграфіі
|
Зноў стужку памяці кручу – Гляджу сваё маленства. Як страшна хлеба я хачу! Калі яго наемся? Ці на двары стаіць паўдзён, Ці раніца, ці вечар – Чаму я так яму жадзён? Чаму галодны вечна? Вось адвячоркам на грудку, Дзе жніўны дух гарачы, Сястра мне сунула ў руку Малюсенькі акрайчык. Хоць пахнуў паранкай праснак I быў зямліста-шэры – Я і дагэтуль помню смак Сіроцкай той вячэры... Вось у дзічы, пад купай лоз, Ляжу цішком, як мёртвы. А цётка – о, шчасьлівы лёс! – Дае мне хрушчык з морквы. I я па трошачку зусім Адкусваю з-пад пальца – Каб як мага даўжэй мне зь ім, Даўжэй зь ім не расстацца... Куды ні ткнуся ў памяць тых Далёкіх дзён мінулых – Усё адзін і той жа штрых, Адзін і той малюнак. Зь ім да сівых дажыў гадоў. А ў старасьці пачэснай – Здаецца... скора буду зноў Жадзён скарынцы чэрствай.
23.ХІІ.1993.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|