РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сустрэча зь Мележам
Прысьніўся ты гэткі – як помню
З апошняга лета твайго:
Ідзеш, учарнелы ад болю,
З мальбою да сьвету ўсяго.
 
Такі ў цябе змучаны выгляд
Што болю і я не стрымаў.
Ён – крыкам скрозь сэрца, навылет:
Завошта нас Бог пакараў?
 
Няўжо Ён ня мог запабегчы
Хваробы падступнай удар
Каб браў ты і сёньня на плечы
Народнага лёсу цяжар?
 
Належачы родным нябёсам,
Ты бачыш, што робіцца ў нас?
Няйначай як страцілі розум
Нязваныя пастыры мас.
 
Належачы роднаму долу,
Ты чуеш, як нэтры дрыжаць?
Стратэгі і творцы расколу
Задумалі буру пажаць.
 
З табою, хто лета па леце
Трымаў нашу веру, як сьцяг,
У гэтым растурзаным сьвеце
Сьмялей бы глядзеў я ў прасьцяг.
 
Сярод халуёў недалужных,
Сярод пашлякоў і сквалыг,
З табою, надзейным і мужным,
Быў меншы б трывогі ўскалых.
 
Пра гэта сказаць я рвануўся
Табе, ды як водзіцца ў снах,
Ты толькі балюча ўсьміхнуўся –
I зьнік у натоўпе няўзнак.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.