РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Божа, дай ты ім, асьлеплым...
Як калісь руплівец-прадзед,
Для сябе і для сямейкі –
Па закону і па праўдзе
Я набыў шматок зямелькі.
 
Божа! Свой шматок зямелькі!
Свой! Дажыў-такі! Уласны!
I хоць ён зусім маленькі –
Я пачуўся проста шчасным,
 
I з натхненьнем і з ахвотай
Я аддаўся працы шчырай,
Каб, паліўшы ніўку потам,
Ад нуды ўцячы нішчымнай.
 
Каб прыбытак мець за збожжа,
Што зьбяру, засыплю ў клеці,
Хоць нарэшце – каб заможна
Зажылі: і сам, і дзеці...
 
Ды ўскрыліў мой дух заўчасна:
Не даюць мне стаць на ногі –
Ні дзяржава, ні начальства,
Ні прапойны люд убогі.
 
Ні даверу. Ні падтрымкі.
Ні крэдыту. Ні спрыяньня.
Толькі злосьць. Ды Маркса прымхі –
Для той злосьці апраўданьня.
 
Божа, дай ты ім, асьлеплым,
Вочы ў рукі!.. Бо іначай –
Хто напоўніць духам хлебным
Хату Бацькаўшчыны нашай?
 
1997-1998
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.