РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Насарогі
Сыйдзіце! Сыйдзіце
З дарогі! З дарогі!
Ня бачыце хіба?
Ідуць насарогі!
 
Асобіны ў цьвёрдых,
Як панцыры, скурах –
Атрада капытных,
Разрада панурых.
 
На выгляд – нязграбы,
У рухах – няўклюдасьць.
А ў зрэнках імглістых –
Прадонная лютасьць.
 
Нястрымнаю сілай –
Сьляпою, тупою
Ідуць па саване
Цяжэзнай ступою.
 
Аж жутка – як грузна,
Як грозна прастуюць!
Наскрозь прадзіравяць!
Яшчэ і здратуюць!
 
Таму – сьцеражыся,
Бяскрыўдны, рахманы,
Насельнік саваны,
Багамі хаваны.
 
Пакуль ты зь іх ласкі
Жывы і здаровы –
Схініся з дарогі!
Схініся з дарогі!
 
1998, сакавік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.