РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пішыце дзёньнікі, паэты!
Пішыце дзёньнікі, паэты!
Зь бясстрашнай фігай у кішэні,
Кляйміце ганьбай прайдзісьветаў,
Што так нахабна расшышэлі!
 
Пішыце, мілыя! І ў скрынку,
У стол хавайце іх, каб потым
Чытач-нашчадак горда ўскрыкнуў:
«Вось быў змагар! Вось быў апостал!
 
Як не цярпеў ён служкаў здрады,
Што край прадаць былі гатовы!
Якія гнеўныя тырады
Абрынуў ён на іх галовы!..»
 
Пішыце! I, каб не спазьніцца
I не ўпусьціць бяздарна шанцу,
Хутчэй бяжыце пакланіцца
I ў ручку цмокнуць запраданцу.
 
Пасьля кульніце дома чарку,
I нават дзьве – як пад закуску.
I гэта будзе – ад пачатку
I да канца – па-беларуску.
 
1997-1998
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.