РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвіцязь
I

 
О Сьвіцязь, сон неразгаданы
Нябёс, апаўшых на зямлю.
У хвалях, сьціху разгадайных,
Сьвятыя воблікі лаўлю.
 
Мне старажыл сказаў: бывае,
Што ў яснасонечныя дні
Адбітак душ іх усплывае
З крыштальна чыстай глыбіні.
 
Яна і ён. Нібы на здымку,
Схіліўшы да чала чало,
Яны то ўзьнікнуць на хвілінку,
То зьнікнуць – як і не было.
 
Штогод тут розны люд дарожны
Стаіць над люстрам хваль тваіх.
Але ня кожны, не, ня кожны
Меў шчасьце-шанц убачыць іх.
 
А толькі той, хто моцна-моцна
Сам закаханы колісь быў
I, век зжываючы самотна,
Не разьлюбіў і не забыў.
 

II

 
Цябе, з Адамам і Марыляй,
Найпекны цуд з усіх азёр,
Сваёй зямлі перыферыяй
Назваў замежны гастралёр.
 
Ужо прысвоіў! Прыхаўрусіў!
I не падумаў, чорт крывы,
Што ты ёсьць сэрца Беларусі,
Душы сяродачак жывы.
 
Ужо гатовы і ў арэнду
Выгодна здаць цябе. Цябе –
Найпаэтычную легэнду
У вечным смутку і журбе.
 
1998-1999
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.