РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Патоп
Вада, вада... Амаль да гарызонта
Ва ўсе бакі – куды ні глянь – вада.
Патоп дый годзе! Бедная старонка!
Зноў нас карае страшная бяда.
 
Паводка падступіла аж пад вокны.
Вясковай вуліцай плыве рака.
Ля хаты ў чоўне дзед сядзіць падмоклы.
А сабачок – на стрэшцы хлеўчука.
 
Ён апантана з ланцужка ірвецца,
Скуголіць, скача, яўкае, – відаць,
Праймае страх душу, што застанецца
Адзін – ахвярай безгалоўя стаць.
 
Бяда, бяда!.. Калі б адно паводка!
Вада спадзе і сыдзе ў рэшце рэшт.
А як уняць разьліў хлусьні нязводнай!
Яе стрымаць – дзе сілы набярэш?
 
Яна ўжо топіць кут-закутак кожны,
Віруе ў вёсках, муціць гарады...
I ты, паэт, крычыш, бездапаможны,
Ад роспачы, ад страху, ад жуды.
 
Калі спадзе і сыдзе  гэта ношасьць –
Пры нашым п’янстве, нашай цемнаце?..
Ну, супакойся! Можа, ж Бог паможа –
I згіне ўсё, што вольны дух гняце.
 
Яшчэ ж народ ня поўны алкаголік,
Яшчэ ня ў кожнага трымціць рука.
Чаго ж ты кідаесься і скуголіш,
Як сабачок на стрэшцы хлеўчука?
 
1999, сакавік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.