РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьнег у Істанбуле
Не ў ладах мой бог зь ісламскім небам –
I ад крыўды ледзь я не стагну:
Цэлы дзень заносіць мокрым сьнегам
Экзатычны горад Істанбул.
 
Над Басфорам, над Ая-Сафіяй,
Над Султан-капе, куды ні глянь –
Бы нагнаная чужой стыхіяй,
Непаўднёвая вісіць імгла.
 
Тым ня менш, хаджу па вулках вузкіх –
З думаю: а ці ня ўгледжу сьлед,
Дзе краса рабыняў беларускіх
Завядала, як ад сьцюжы цьвет.
 
I зьлятала – ціха, як пялёсткі
Зь белых яблыняў, – на чорны брук,
На Басфора стомленыя ўсплёскі,
У базарны тлум, у гразь і бруд.
 
Божа! Для чаго за сьвет няблізкі
Гналі іх у гэты край чужы –
Ад сяліб, дзе родныя калыскі,
Ад магіл, дзе родныя крыжы?
 
I за што так, Госпадзе прамілы,
Жорстка пакараны я табой,
Што ў любым кутку любой краіны
Мне сьціскае сэрца памяць-боль?
 
Памяць аб бясконцых нашых муках –
З самых даўніх дат і празь вякі...
Сьнег... Залётны сьнег на вузкіх вулках –
Халепны, раскваклы, хлюпаткі.
 
1999, травень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.