РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На Басфоры
Востры дождж сячэ, і вецер сьвішча –
Сьцюжны, бы з паўночных халадзін, –
З-за чаго на палубу ня выйсьці,
У кают-кампаніі сядзім.
 
Каб было ня сумна – гід знаёмы
Звыкла прысуседзіўся да нас,
I я ў пяты раз, а мо’ і ў сёмы
Пра султана слухаю расказ.
 
У султана густ быў страшна тонкі,
I таму загад даў ягамосьць:
Падшукаць яму жанчыну ў жонкі –
Найтаўсьцейшую з усіх, што ёсьць.
 
I ганцы, каб хэнць здаволіць гэту,
Дзесь знайшлі, як сказана было,
Маладую пышную кабету
На сто восемдзесят пяць кіло.
 
I султан шчасьлівы быў бязь меры,
I ад бліжніх шчасьця не хаваў,
Вар’яцеў ажно і ачмурэлы
Двойчы ў дзень Басфор пераплываў.
 
О Басфор! Славутая пратока!
Зараз я расстануся з табой.
Пакланюся – і на дно глыбока
Апушчу піястр апошні свой.
 
Каб аднойчы зноў сюды прымчацца
I пачуць, зайздросьнікам на зло,
Як султан жаніўся на турчанцы
У сто восемдзесят пяць кіло.
 
1999, травень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.