РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноччу над морам...
Там, дзе шэрых скалаў табуны
Зь берага сышлі ў ваду – няйначай
Астудзіцца ад імглы гарачай, –
Моўчкі мора слухаюць яны.
Ён і зь ёю. Удваіх. Адны.
 
Хто яны – гадаць дарма... Але –
Што іх змусіла ўвесь вечар божы
Тут сядзець – на гэтым мулкім ложы?
Што трымае іх пры зор сьвятле
На пляскатай, як чарэнь, скале?
 
А тым часам з-за адлеглых гор
Наплывалі, сунуліся хмары
I прыбоя нарасталі ўдары;
Пацямнела, зьніклі гронкі зор,
Здраднай цішай набухаў прастор.
 
Навальніцу абяцала ноч.
А яны – як бы таго й чакалі,
Што вось-вось маланка жыхне ў хвалі
I асьвеціць просьбу ў зрэнках воч:
«Не суроч, нячысты, не суроч!..»
 
Гулка гахаў у скалу прыбой,
Аж здавалася – аберне скора,
Пырскаў пырсісамі, як быццам мора
Бласлаўляла іх часінай той
I сьвянціла боскаю вадой.
 
I яны прымалі божы дар –
І злучалі вусны пацалунку,
Так адчайна – нібы ў паратунку,
Нібы мог чарговай хвалі ўдар
Скінуць, змыць іх і панесьці ўдаль.
 
I тады яна на момант-міг
Аб усім на сьвеце забывала
I ў шчасьлівым забыцьці шаптала:
«Хай змывае! Толькі б абаіх!
У абдымку! У руках тваіх!..»
 
Ды чамусьці не азваўся гром,
I ня ўшла ў мора бліскавіца,
Не ўзмахнула крыльлем навальніца, –
Пэўна, дзесь раней, ля чорных стром
Неба выплешулася дажджом.
 
Хмары зрэдзіліся і сплылі,
Зноў зазьзялі зоры, выйшла поўня,
I прыбой сьцішэў, ашлях раптоўна,
А яны... адчулі стынь скалы
I да болю пальцы рук сплялі.
 
I глядзелі моўчкі ў выш нябёс
Зь несуцешнай крыўдай і дакорам.
Што ж ня грымнула ты, ноч, над морам?
Душы грому прагнулі, а лёс
Іх ня ўчуў – і стараной пранёс.
 
1999, травень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.