РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адключаны
Ён сышоў з электрычкі,
Спусьціўся па сьцежцы ў лагчыну
I спыніўся чагось.
Нібы ўкопаны, стаў і стаіць.
Штось забыў? Перадумаў?
Ці стала нядобра мужчыну?
Задуменна схіліў галаву
I пад ногі глядзіць.
 
На зямлі сакавік.
Сонца сьнег ручайкамі сьвідруе.
Вунь як сочацца скрозь,
Як імпэтна бягуць і журчаць!
Чалавек жа нічога ня бачыць,
Нічога ня чуе.
Як сьляпы і глухі.
На абліччы – няшчасьця пячаць.
 
«Як жа ўсё гэта стацца магло?
Хто жыцьцё спанявечыў?
Хто й чаму насадзіў –
Гэты глум, гэты гвалт, гэты зьдзек?
Хто мне сьвет збаламуціў –
Тады, як расправіўшы плечы,
Я ўжо быў уздыхнуў,
Што нарэшце і я чалавек?..»
 
Прыдарожныя вербы
Кранаюць заспаныя гусьлі.
Льецца сонца
I соснам на ўзьлеску душу маладзіць.
А на сьцежцы стаіць чалавек
I, як курыца ў гузік,
Атупела глядзіць у нішто,
У нікуды глядзіць.
 
1999, чэрвень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.