РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Брату беларусу
Не драмі, беларус, не драмі, –
Схамяніся, агледзься відушча.
Што табе ўгатавана, зірні,
Каб зайсьціся ты мог ад удушша.
 
Мала цынкавых трун-дамавін
Атрымаў ты з чужацкіх фарпостаў?
Зноў гатовы хадзіць да магіл,
Што пачнуць курганець на пагостах?
 
Зьнецярпеўшы глядзець у журбе
На зьнябытасьць тваю і гібеньне,
Бог наважыў даць волю табе,
Даць адхланьне, ад гнёту збавеньне.
 
Не прасьпі ж, беларус, не прасьпі
Гэты лёс, гэты дар легэндарны.
Разламі, разварочай, разьбі
Векавую шкарлупіну ганьбы!
 
Глянь, як вольны шыкуецца сьвет,
Як жывуць пабрацімцы-славяне,
Супакойныя тым, што павек
Квет свабоды у сэрцах ня зьвяне.
 
Не дазволь жа і ты, не дазволь
Над свабодай занесьці сякеру!
Акрывавіць адвечны твой боль.
Апаганіць твой гонар і веру.
 
1999, кастрычнік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.