РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адпомшчаньне
Як скарыў Ярмак людцоў Сібіры –
Мноства розных родаў і плямён,
На прасторы, што асвоіў ён,
Рынулі з Масквы купцы-праныры.
 
Настаўлялі там факторый безьліч,
I тубыльцам, каб наладзіць торг,
Везьлі ўсё, што, зналі, пойдзе ў толк,
А найперш – «ваду-агонь» ім везьлі.
 
Спойвалі няшчасных паляўнічых
I за пляшку «вогненнай вады»
Бралі шкурак важкія пуды –
Норкі, сабаля, пясца, куніцы...
 
Бралі іх фактычна задарма,
Ад чаго імгненна багацелі
I ’шчэ болей багацець хацелі,
Бо граніц у корці той няма.
 
А няшчасныя ўсё больш прасілі
Даць «ваду-агонь» ім за тавар,
I ўсё больш рабілася ахвяр
Страшнай немачы, што йшла з Расеі.
 
Так і выкаціла за стагодзьдзі
Іх амаль усіх «вада-агонь».
Сёньня ж у Расеі ўсе кругом
У сівушным топяцца разводзьдзі.
 
Страшна ўжо на сьпітых апушчэнцаў
I глядзець: што сталася зь людзьмі!
I няма ратунку, чорт вазьмі!
Прапіваюць і душу дашчэнту!
 
Калі Бог сам помсьціць – хто ўратуе?
...А ў Сібіры непітушчы люд
З-за Амура – лезе ў кожны кут
I зьвяркоў, каб футры мець, гадуе.
 
2000, сьнежань.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.