РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гэтым і ганаруся
Як пісаў неаднойчы ў журбе
Мой калега
Галоўнаму пану-начальніку:
Цяжка надгаладзь жыць!
Іншы раз на абед –
Толькі хлеб
Ды «варгола» у чайніку.
 
А каб вершыкі ў стосік сабраць
Ды іх кніжачкай выдаць,
Хоць тоненькай –
Дзе вы бачылі! Тут табе, брат,
Дабрадзей не ўфундуе
Грунтоўненька.
 
Праўда,
Сябру, надаўна, майму
Пашчасьлівіла:
Дзядзька скапыціўся ў Лёндане
I як спадчыньніку
Адпісаў перад сьмерцю яму
Столькі фунтаў,
Што муза ня будзе галодная.
 
Мне ж ня шэнціць:
Мой дзядзька-багач,
Што за морам жыве
I даўно ўжо старэчына, –
Штось ня хоча душу «выпрагаць»
I ўсё копіць і копіць
Бліскучае рэчыва.
 
Хоць ты выгукні:
«Дзядзечка, мілы, пара!
Колькі ж можна капціць?
Ты заседзеўся, родненькі!
I ня ў думках табе,
Што паэты зь пяра
Не жывуць.
Кашчанеюць, гаротнікі!..»
 
Ды гукаць я ня стану.
Хай дзядзька капціць –
Хоць да ста.
На панэль, як нябога-банкрутачка,
Мая муза
Ня пойдзе вачыма сьвяціць.
Нізавошта!
Яна ж у мяне – беларусачка!..
 
2000, сьнежань.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.