РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хлапчук з галамянкай
Белабрысы,
Гадоў дзесяці, магчыма,
Зь вялікімі
Зеленавата-шэрымі вачыма,
З тварыкам жоўтым, бы з воску,
Хлапчук абгрызае костку.
 
Ён прыбег, галодны, са школы
I сам, самастойна абедае.
Маці на працы.
Прыйдзе а шостай дзесьці.
Ды што за бяда? Ён ведае:
Суп на пліце,
Трэба толькі пагрэць – і есьці.
Для яго гэта звыклыя рэчы –
I ў краму схадзіць,
I сябе абслужыць на кухні.
Калі суп быў высербаны дарэшты,
Ён узяўся за харч наступны –
За знойдзеную ў каструлі галамянку –
Ладную голую каравячую костку.
Гэта маці заўчора
Купіла касьцей цалафанку.
Нейкі дзядзька прадаў па-боску.
Нават можна сказаць –
Аддаў іх амаль задарма,
Калі зразумеў, што яна
Гэтыя з духам мясным прысмакі
Купляе не для сабакі.
 
Моцна трымаючы костку ў руцэ,
Ён пажадліва абгрызае
На яе галоўцы белыя храшчыкі.
Храшчыкі –
Мяса на ёй і для сьмеху няма.
Толькі тонкія белыя храшчыкі...
Абгрызае, як гэта ня раз
Рабіла, ён бачыў, маці.
I хрумстае, хрумстае зубкамі
I глядзіць,
Ці няма дзе яшчэ абгрызьці?
А потым, зноў жа,
Як гэта рабіла маці,
Бярэ сваю алюмініевую лыжку
I пачынае ў яе вытрасаць
З галамянкі мазгі,
Бо ведае, што гэта
Незвычайная смаката –
Сакавітыя і салодкія
З каровінай косткі мазгі.
 
Мазгі не вывальваюцца,
Хоць ён і прыстуквае
Полым канцом галамянкі
Аб донца лыжкі.
Тады ён бярэ сталовы нож
З завужаным на канцы лязом
(Гэтак рабіла і маці)
I пачынае соваць у костку,
Калупаць і пакручваць
Тое лязо ўнутры.
А потым зноўку трасе.
I – о, чаканая радасьць!
У лыжку вывальваецца камячок
I сок выцякае –
Тлусты салодкі сок!..
Шкада, што гэтае смакаты –
На адзін раз у рот пакласьці.
Зараз ён, адкусіўшы хлеба,
Забярэ смакату губамі
I зьесць. I адчуе усім нутром:
Ах, як мала яе! Як мала!
I яшчэ раз засуне ў костку лязо
I будзе круціць ім высільна –
Ці не засталося хоць крышку?
I зноў будзе трэсьці, прыстукваючы
Полым канцом у лыжку.
Нічога ня вытрасшы, ён уставіць
Шчарбаты канец галамянкі ў рот
(Гэтак, бачыў, рабіла маці)
I будзе доўга штосілы смактаць –
Каб да капелькі высмактаць
Тую салодкую смакату.
Той нябачны салодкі стронцый.
Тую салодкую сьмерць...
Потым пойдзе і возьме кніжку
(Ён надта любіць чытаць)
Разгорне і ўголас, хоць і ня гучна,
Прачытае прыгожы вершык
Пад назвай «Жыве Беларусь!»
 
2001
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.