РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нясьмертны дух слова
Ці гляну навокал, ці памяць крану –
I чую і бачу: па гуку, на слову
Стараюцца гэрцы пакласці ў труну
Маю беларускую мову.
 
Стараюцца! Сотні ўжо гэтак гадоў –
Па гуку, па слову, па выразу цэлым –
I душаць, і душаць, і зноўку, і зноў, –
Каб стаўся наш край анямелым.
 
Ад злосьці пры гэтым шалеюць ажно.
Аж кожны зь іх зекры на лоб вырачае:
«Якая жывучасьць! Дзе ўсьмерцяць адно –
Там сем узамен вырастае!»
 
I лезе, і лезе – куды ні паглянь –
То гукам, то словам, то цэлай прымоўкай,
Як лезе стаквецьце на ўлоньнях палян
Ці ў пойме, цяплыньню прамоклай.
 
I гэрцам ужо нехапае разваг:
Што здумаць-прыдумаць, каб справіцца зь ёю?
Ну хоць ты суцэльны будуй саркафаг
Над гэтай праклятай зямлёю!
 
Ня цямяць чужынцы, ня кемяць свае,
Што тут не паможа і покрыў бэтонны.
Любыя прыдумы ўзарве і сарве
Нясьмертны дух слова бунтоўны!
 
2001-2002
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.