РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памяці Яўгена Куліка
Па засьнежана-белай,
Журботна зьнямелай
Кальварыі
На плячах у сяброў
Адплывае у вечнасьць душа.
Беларуская...
Непераможаная
I няскораная жандарамі,
Адгарапашнічала,
Адпакутавала,
Адспадзявалася
I – адышла.
 
З горніх высяў
Цяпер ужо будзе
Наш брат услухоўвацца,
Ці імчыцца ў пагоні
Той вершнік ягоны
Па роднай зямлі,
З кім ён побач, нябачны,
Ляцеў і ляцеў,
І ня мог супакоіцца:
«Мы зваюем! Зваюем!
I вернем усё,
Што чужынцы ўзялі!..»
 
Так, цяпер ён ужо
Будзе бачыць адтуль,
Як у сьлёзках канваліяў
Ці ў сьлязах васількоў і рамонкаў
Замрэ перад бурай
Зямля...
Над засьнежана-белай,
Журботна-зьнямелай
Кальварыяй –
Непрагледзіста-хмарная высь.
Векавечны спакой.
Цішыня.
 
Знаю:
Воля ня зломлена,
Дух ваякоў не расслаблены.
I аднак жа,
Абводзячы вокам
Глухую навокал
Зіму, –
Зноў і зноў
Выдыхаю пытаньне
Губамі азяблымі:
«Колькі нас,
Каму гэтак баліць Беларусь,
Як балела яму?..»
 
2002, студзень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.