РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра горкасьць
Пасадзіўшы голенькага ў ночвы,
Мама мые сына. Любата!
Але вось папала мыла ў вочы –
Давяла да плачу гарката.
 
Мусі быць, зайшло занадта шчодра.
Мама нагінаецца хутчэй
I губамі цёплымі, пяшчотна,
Горкасьць выцалоўвае з вачэй.
 
«Вось і ўсё, ня плач, ужо ня есца», –
Сплюнуўшы салёны выцмак з губ,
Кажа мама. Памяць малалецтва!
Памяць першых горкіх страт і згуб!
 
На сьцяжынках, роўных і крывенькіх,
На шляхах зь імглы і зь цемнаты –
Колькі мне заходзіла пад вейкі
Да нясьцерпу едкай гаркаты!
 
Колькі блудных крокаў незваротных
Зроблена ў жыцьцёвай мішуры!
Колькі любых, дарагіх і родных
Адышло ў магілу без пары!..
 
Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся.
Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй.
Неба роднае! Пара! Схіліся
I мне горкасьць выцалуй з вачэй!
 
2002, красавік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.