РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра рогат пераможцы на бойным полі пад Шэгешварам
31 ліпеня 1849 года
Сьцягою між ніў дасьпелых,
Дзе сонечны пыл дрыжыць,
Расхрыстаны, голагаловы,
Угорскі маёр бяжыць.
 
Ён уцякае ад сьмерці.
Яна – наўздагон ускач.
Яна – гэта збройны вершнік,
Двухжыльны казак-вусач.
 
Вышэй і вышэй дарожка.
Ячмень і авёс наўзьмеж.
Да лесу яшчэ далёка,
А сілы ўсё менш і менш.
 
Не дабяжыць, нябога.
Выдыхся, змогся ўшчэнт.
Вось-вось разарвецца сэрца.
I ўсё ж ён бяжыць яшчэ.
 
Ды ўжо зусім за плячыма –
Разьюшаны конскі храп.
I ён павярнуўся тварам
Да сьмерці. Ня ў сьпіну каб...
 
Тады, тузануўшы повад,
Вусач асадзіў каня.
I выбухнуў страшны рогат
На сонечным схіле дня.
 
Так рагатаў раскатна,
З выдыхамі, казак –
Заходзіўся аж! – і доўга
Спыніцца ня мог ніяк.
 
Нарэшце спытаў са зьдзекам:
«Ну што? Хацеў ацалець?
Уцекчы ад сьмерці? Дудкі!
Прыйдзецца акалець!
 
Бяжы! Ну бяжы, мадзьярчык!
Стаячага – я ня б’ю.
Мне трэба, як птушку ў лёце,
Душу ўпаляваць тваю».
 
I раптам такое ўбачыў
У цёмных, як ноч, вачах,
Што скалануўся ў жаху
I – пікай пырнуў з пляча.
 
I ўпаў афіцэр. I жменяй
Кашулю пад сэрцам згрэб...
 
Гэта быў Шандар Пецёфі –
Вялікі вугорскі паэт.
 
2005-2006
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.