РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слова з нагоды атрыманьня ордэна князя Яраслава Мудрага
Болей зьбянтэжаны, мабыць,
чым радасна ўражаны,
думаю: як і чаму
ён пачаўся калісьці –
мой шлях
да найпрэстыжнае, найганаровае
узнагароды вялікай дзяржавы?
 
Гэта – ня так сабе,
гэта ня проста і не выпадкова.
Гэта зрабіў,
калі быў я падлеткам яшчэ,
несьмяротны Кабзар.
 
Помню: апошняю мірнаю,
перадваеннай,вясною
вершык вучыў я напамяць
са школьнай чытанкі:
«Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць.
Аратыя з плугамі йдуць,
Сьпяваюць, ідучы, дзяўчаты,
А маткі іх вячэраць ждуць».
 
Як жа ён мне спадабаўся –
праўдзівым малюнкам, настроем,
суладзьдзем дыханьня і слова!
Як запалоніў душу маю
нечым бязьлітасна родным –
нашым, нясьцерпна знаёмым,
наскрозь беларускім!
 
I гаварыла настаўніца нам –
як умеюць настаўніцы:
неяк узьнёсла, натхнёна,
я нават сказаў бы, сьвяточна:
«Дзеці, запомніце,
што напісаў гэты верш
самы вялікі паэт Украіны –
Шаўчэнка...»
 
Я і запомніў. Запомніў.
Ня мог не запомніць.
Як жа я мог не запомніць,
калі адвячоркам
гэнага ж дня,
адмыслова схаваўшыся ў пуньцы,
склаў я свой першы ў жыцьці –
як у нас гаварылі – «сьцішок»,
у перайманьне «Садка каля хаты» –
дакладна па ўзоры...
 
Так абазвалася – упершыню –
у душы хлапчука
тое, што зробіцца лёсам маім
і жыцьцём. І любоўю.
Багаславёнай нябёсамі
й толькі нябёсам падлеглай
любоўю.
 
От жа тады і пачаўся
мой шлях да Украіны
і да ўкраінскіх братоў-пабрацімцаў,
сясьцёр-пасястрынак, –
мілых і любых мне,
слаўных і годнасных
валадароў украінскага Слова.
 
Слова
такой першароднай красы
і такое чароўнае моцы,
што калі чую яго, ці чытаю,
або сам сабе дэкламую –
нешта такое яно мне
заўсёды гаворыць,
што і ў сваё, беларускае,
веру яшчэ непахісьней.
 
Дзякую, мілыя,
дзякую, любыя, родныя,
дзякую!
Будзем жа разам трымацца,
а шчыра, а крэўна,
а сэрцам да сэрца, –
як у стагодзьдзях
жылі і трымаліся –
гукам да гука,
праўдай да праўды,
і верай да верую –
нашыя мовы!
 
2006
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.