 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Браканьер
|
Штрыхі да адной біяграфіі
|
Жыў паэт. Жыў і гэтак і так – з мазаля. У раскошу ня пнуўся. I дажыў да гадоў, калі час азірнуцца. I ён азірнуўся. А татулькі-матулькі мае! Ажно страшна самому паверыць: як ён мог так бяздарна свой век змарнаваць, спуставаць, збраканьерыць? Тое ўсё, чым штодзённа жывуць і чым цешацца ў сьвеце паэты – абышло, абмінула яго як ня вартага радасьцяў гэтых. За апошніх год трыццаць, бадай, апантаны грыбнік у маленсгве, два ці тры ўсяго, можа, разы пахадзіў-пабадзяўся па лесе. Сорак год не падвязаваў лыж, і паўсотні набегла ўжо недзе, як за вёсламі ў чоўне сядзеў і як ехаў на веласіпедзе. Пра аўто нават сьмех гаварыць – тут ад жарсьці ён поўнасьцю вольны: хоць страляйце яго – «мерсэдэс» ён ня зможа адрозьніць ад «вольвы». Ані разу ў жыцьці не сіляў на шампур і ня пёк над вугольлем смакату, у чаканьні якой дух людскі вар’яцее сягоньня. А жыцьцё, як цякучы пясок у той колбе – сьцякала, сьцякала... З гэткім нуднікам дружбу вадзіць стала многім сябрам нецікава. Дзіўны лёсу свайго браканьер! Недарэка. Ды нават і рэдкі. У сьвяцілішчы нашых пісьмен – шмат няцэпкіх. Хай будзе і гэткі.
2006-2007
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|