РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жахліва
Ну вось і дазналіся мы
з сакрэтных архіўных папер,
што Сталін, у бытнасьць сваю
дыктатарам эС эС эС эР,
сам, сам падпісаў на расстрэл
(уласнай рукой, асабіста)
амаль трыста семдзесят сьпіскаў –
прыблізна на сорак пяць тысяч
дзяржавы сваёй грамадзян.
А ў цэлым зь ягоным удзелам
і з волі садысцкай ягонай
былі расстраляны, забіты,
замучаны голадаморам,
хваробамі, сьцюжай сібернай,
біцьцём у катоўнях – мільёны,
мільёны, мільёны людзей...
 
Ад гэтага веданьня мы
павінны былі звар’яцець,
ня вынесшы грузу такога
на кожную фібру душы.
 
I мы звар’яцелі, нарэшце.
 
Не раптам усе, не адразу –
паціху, патроху, памалу,
адзін за адным, паступова.
(Псіхолягі-мэдыкі знаюць:
працэс пераходу ў вар’яцтва
бывае парой непрыкметны,
сьпярша і адрозьніць няможна,
ці ўжо ты гатоў, ці яшчэ...
Ці ўжо ты, шчасьліўчык, ня волен
шалопіць сваімі глуздамі,
ці трохі яшчэ разумееш:
навошта, чаму і куды?..)
 
Але, паўтараю, нарэшце
мы ў масе сваёй звар’яцелі
і крыкнулі голасна хорам:
«Адновім жа Лінію Сталіна!
I статуй хай будзе пастаўлены
у памяць, у славу, у гонар
бязьмернай любові ягонай
да зьедзеных ім жа мільёнаў
нявінных сваіх грамадзян!..»
 
Жахлівае сталася нешта
на нашай зямлі беларускай,
жахлівае, страшнае вельмі...
Каб так адвалілася памяць?..
Каб так адабрала мазгі?..
Каб так амярцвела сумленьне?..
I так пачувацца шчасьліва?..
Жахліва, браточкі, жахліва.
 
Студзень – сакавік 2007 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.