РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аповед пра трубу
Пачну празаічна.
Як, зрэшты, і кончу,
па праўдзе сказаць.
Бо гэта жыцьцёвая проза
ня можа
прыгожай мэтафарай стаць.
 
Ня тая матэрыя.
Не для паэзіі.
Тут трэба мовіць прасьцей.
Дык вось: запрасілі мяне –
яшчэ восеньню гэта было –
на сустрэчу ў ліцэй.
Звычайная рэч: літаратар
павінен прыходзіць
са словам любві да людзей.
 
I я ўжо сабраўся.
Крыху прыкасьцюміўся нават.
I кніжачкі склаў у партфель.
Сказалі: «У дзесяць
прыедзем па вас на машыне».
Ну што ж! Нам машыне лацьвей.
Сяджу і чакаю.
Амаль а дзесятай –
Званок тэлефонны: – Ало!
 
Прашу прабачэння,
сустрэча, на жаль, не адбудзецца:
нас заліло!
Прарвала трубу –
і ўвесь першы паверх
Затапіла вада.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
 
Праз тыдзень
мяне запрасілі
сустрэцца зь людзьмі ў РДК.
«Ну добра!» – сказаў.
«Мы прыедзем забраць вас.
Чакайце званка!»
 
Чакаў. Дачакаўся.
I раптам у слухаўцы чую
ня радасьць, а скруху-журбу:
– Прабачце, сустрэчы ня будзе.
Аварыя ў нас тут:
прарвала трубу.
Усё заліло-затапіла!
Такая во стрэслася
неспадзявана бяда.
Дык вы ўжо даруйце,
мне вельмі няёмка, паверце,
і вельмі шкада...
 
Празь месяц –
якраз, калі я ўжо сабраўся
ісьці на сустрэчу ў каледж, –
Званок тэлефонны:
– Даруйце, мне вельмі
няёмка і прыкра, але ж...
– Ну што? – перабіў я. –
Прарвала трубу –
I паддога затоплена ўся?
– Ой! – ойкнула слухаўка. –
Праўда, прарвала!
А як вы даведаліся?
 
– Спадарыня мілая,
як жа ня ведаць
пра гэта мне дома, калі
ужо гэта ведаюць
скрозь у Эўропе,
а мо’ і на цэлай зямлі!
Так, так, ужо ведаюць,
што ў Беларусі
гадоў, можа, зь дзесяць таму
трубу разарвала –
і справіцца з гэтай
аварыяй страшнай
няма ў нас каму.
Дык гоніць і гоніць,
і прэ, і нясе, і фугуе,
і ўсё залівае наўсьцяж –
такім залівае,
што часам дыхнуць немагчыма...
О Госпадзе Божа ты наш!
 
Р. S. Мае чытачы дарагія,
мае аднаверцы,
я вельмі вас вельмі прашу:
ня клічце мяне
да сябе на сустрэчу, сябры,
не вярэдзьце душу.
Чытайце – пакуль дзікуны
не пакідалі ў вогнішча –
кнігі і кніжкі мае.
Пасьля і сустрэчы прадоўжым.
Прадоўжым!
Час прыйдзе.
Наступіць.
Ужо настае.
 
Сакавік 2007 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.