РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
А ўзьбекі рабілі дзяцей...
Паводле статыстыкі
(вельмі сур’ёзнай навукі),
у 1926-м было:
узьбекаў каля чатырох мільёнаў,
а беларусаў – у тры разы больш
(гл. «Геаграфію» Смоліча).
 
I адны, і другія –
і ўзьбекі, і мы, беларусы,
у наступныя годы і дзесяцігодзьдзі
заняліся рупліваю працай.
I тыя, і тыя – сваёй,
не адною і той жа.
 
Мы пачалі вырабляць
з прывазнога металу станкі, –
з прывазнога, вядома,
свайго ж ані грама ня мелі.
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безьлічы-безьліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзьбекі тым часам
рабілі дзяцей –
то ісь, маленькіх узьбекаў...
 
Па заканчэньні вайны
пачалі мы рабіць трактары
і вялізныя аўтамабілі,
ня маючы нават і грама
уласнай сваёй сыравіны, –
можна сказаць – зь нічога,
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безьлічы-безьліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзьбекі тым часам
рабілі дзяцей –
то ісь, маленькіх узьбекаў,
і таксама – зь нічога,
ну ці амаль што зь нічога:
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
 
Пасьля пачалі мы рабіць
найвялікшыя ў сьвеце
гумовыя шыны,
ня маючы, зноў жа, сваёй
ні куска сыравіны,
гэта значыць – зь нічога.
10 гадоз, і 15, і 30
рабілі, рабілі, рабілі іх
безьлічы-безьліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзьбекі тым часам
рабілі дзяцей –
то ісь, маленькіх узбекаў,
і таксама – зь нічога,
ну ці амаль што зь нічога, –
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка!..
 
I вось што мы маем,
як колісь казалі, у скутку
(у выніку, значыць):
на сёньняшні дзень
беларусаў у тры разы менш,
чым узьбекаў,
якіх ужо 30 мільёнаў.
А помніце?
Нас было ў тры разы больш,
чым узьбекаў,
у тры разы болей!
Але мы рабілі, рабілі й рабілі
цяжкія машыны,
ня маючы ўласнай, сваёй
ні куска сыравіны, –
можна сказаць: зь нічога.
А ўзьбекі рабілі,
рабілі й рабілі дзяцей,
то ісь, маленькіх узьбекаў,
таксама – зь нічога,
ці амаль што зь нічога, –
ну колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
 
Вось і ўсё.
I рабіце высновы, браткі беларусы.
А што іх рабіць?
Яны робяцца самі.
Аднойчы, ня так і няскора,
на багаславёнай зямлі
між Дзьвіною і Прыпяцьцю,
Бугам і Сожам
будзе гучаць
толькі родная наша
узьбекская мова.
 
2007
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.