РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Юбілейнае пасланьне

                                                        Найдзену Вылчаву,
                                                        балгарскаму паэту
                                                        і перакладчыку, вялікаму
                                                        сябру Беларусі і беларускай
                                                        літаратуры

 
Дзе ты ёсьць цяпер, мой друг і брат?
Можа, у сваёй Малой Брастніцы –
Там, дзе восемдзесят год назад
Бог судзіў табе на сьвет зьявіцца?
 
Там, на той сядзібе ўскрай шашы,
Што разьбежыста імкне паўз вокны,
Дзе з балгарскай верай у душы
Ты ўжываўся ў жорсткі век грымотны.
 
Там, дзе ўпершыню і назаўжды
Зразумеў ты ісьціну ад Бога:
Чалавек ёсьць чалавек тады,
Калі існы дух яго – Свабода.
 
Гэта памаглі табе спазнаць
Боцеў, Вазаў, Явараў, Вапцараў,
Як, заседзеўшыся дапазна,
Цалаваў ты крылы іхніх мараў...
 
Гэта там, шчасьлівы бацька, там,
Асягнуўшы продкаў моц і сілу,
Напісаў ты Запавет сынам –
Уладземіру і Самуілу:
 
«Заклінаю вас:
Ня будзьце хілымі!
I пад небам роднай стараны
Толькі
Перад брацкімі магіламі
На калені падайце, сыны!»
 
Як сваё – твой кліч я зноў і зноў
Паўтараю: «Дзеці! Не пасьмейце
На калені падаць перад злом!
Бо адрыне Маці і па сьмерці!..»
 
На сядзібе той, у хаце той
Я гасьціў ня раз, было й з начлегам,
Як у храме Дзевы Прасьвятой,
Прычашчаўся і віном і хлебам.
 
Лік Балгарыі з глыбі вачэй
Мне тады явіла баба Неда –
Матухна твая... Каб балючэй
Роднае мяне карала неба.
 
Балючэй! Затое, што ня быў
Бацькаўшчыны абаронцам годным.
Прысягаў: люблю. А што зрабіў,
Каб навекі край мой стаў свабодным?
 
Стаў такім, як твой: ад нічыёй
«Дабрадзейскай» волі не залежны,
I зь любой людской далечынёй
Мірам і любоўю быў сумежны.
 
I любоўю... О, мой пабрацім!
Як і ты, зь любові я ня выбыў.
Нават трохі ганаруся тым,
Што спрычыніў твой любоўны выбар,
 
Што пасобіў далучыць цябе –
Дар твой сьветлы, позірк галубіны
Да паўсталага ў тузе-журбе
Слова вешчага маёй краіны.
 
Больш ужо, як паўжыцьця свайго,
За Дунай, у засень стром балканскіх,
Ты нясеш нятленны дух яго
Да разнасьцежаных сэрц балгарскіх.
 
I чаруеш душы землякоў –
Як сваім уласным. Дай жа Божа
I яшчэ табе шмат-шмат гадкоў
Думы братнія яднаць прыгожа!
 
Пані Мінцы – мой паклон, па ўсім.
Ах, калі б вы зь ёй маглі пабачыць
«Здравец»1 вапі на лецішчы маім!
Як разросься!.. Штось і гэта значыць.
 

 

––––––––––––
1 Здравец – дзікая герань (балг.)

 
Жнівень, 2007 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.