I ўсё ж: за што, сусед, за што Ты так ня любіш і ня церпіш, Што аж гатоў дашчэнту сьцерці, Душы крывіцкай хараство, – Яе сьвятло, што зьзяе ў мове, У кожным гуку, кожным слове, Развой яе нязводных дум, Яе адвечны смутак-сум, Яе любоў і міласэрнасьць, Яе язычніцкую вернасьць Сваім багам, сваёй зямельцы, Сваім сьцягам, сваёй сямейцы? За што ж ты так яе, за што – Ужо ня год, ня пяць, ня сто? Ні зразумець, ні разгадаць. I краю зьдзекам – не відаць. Але ж і мы! Дакуль мы будзем Над нашым Словам гвалт трываць? Дакуль дадзім гнясьці-трымаць Душу крывіцкую ў астудзе? Ці не пара, ці не пара Паклікаць з кожнага двара На Ўсекрывіцкі Сход пасла – Тысячакроць каб узрасла Сілішча нашай грамады, Каб мову – сымбаль нашай волі Навекі вызваліць зь бяды, Каб аніхто ўжо і ніколі – Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат Ня сьмеў яе за горла браць!
Сакавік 2008 г.
|
|